Шэсце на Дзень Волі пройдзе ад Акадэміі навук да Бангалор
- 21.02.2012, 16:04
Аргкамітэт па святкаванні 25 сакавіка ўзначаліў Уладзімір Колас.
Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі (25 сакавіка) на ўчорашнім паседжанні вырашыў, што цяперашняе шэсце будзе праходзіць па маршруце «Акадэмія навук - плошча Бангалор», піша «Наша Ніва».
«Прынялі кампраміснае рашэнне. Каб задаволіць і больш радыкальных, і тых, хто хоча адчуваць бяспеку», - кажа лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
Зрэшты, апошнія гады бывала, што з Акадэміі навук дэманстранты так нікуды і не ішлі, праводзілі мітынг там.
Старшынём аргкамітэта абраны старшыня Рады інтэлігенцыі, дырэктар Коласаўскага ліцэя Уладзімір Колас. Ганаровы старшыня - Івонка Сурвіла.
Уладзімір Колас на пытанне аб маршруце акцыі адказаў: «Ёсць пэўныя напрацоўкі, але нічога канкрэтнага мы не вырашылі, яшчэ будзем збірацца ў сераду на дадатковае абмеркаванне. У чацвер на прэс-канферэнцыі ўсе абясцім публічна».
Анатоль Лябедзька лічыць, калі заўтра будуць вырашаныя ўсе пытанні, то заяўку ў Менгарвыканкам могуць падаць адразу ж. У працы аргкамітэта прынялі ўдзел АГП, «Гавары праўду», «Еўрапейская Беларусь», Хрысціянская дэмакратыя, Рада інтэлігенцыі.
Партыю БНФ і рух «За свабоду» на паседжанні не прадстаўляў ніхто. «Спадзяюся, гэта вірус грыпу, а не палітычны вірус», - кажа Лябедзька.
Старшыню АГП не палохаюць абвінавачванні ў тым, што шэсце пройдзе да Бангалор. «Ніхто не перашкаджае людзям проста прыйсці да Акадэміі. Зараз самае галоўнае, каб прыйшло больш людзей, калі ў Расеі прыходзілі дзесяткі, то іх збівалі. Калі пачалі выходзіць дзесяткі тысяч, то іх пачалі паважаць», - сказаў Лябедзька.
Дзень Волі адзначаецца ў гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Штогод у гэты дзень праходзяць вулічныя акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. У гэтым годзе Дзень Волі прыпадае на нядзелю.