BE RU EN

Вінаградаву далі 10 сутак за цацкі

  • 22.02.2012, 13:05

Суд Маскоўскага раёна Менска прысудзіў былога палітвязня Паўла Вінаградава да 10 сутак арышту

Суддзя Тацяна Матыль прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла яшчэ 10 лютага на плошчы Незалежнасці ў Менску пад назвай «Цацка мітынгуэ!». Тады на плошчы былі выстаўленыя дзіцячыя цацкі з маленькімі транспарантамі: «Алехандра, адпусці людзей!», «Мянты адарвалі мне вока», «Цацкі супраць бязмежжа».

На судзе выступіў сведка-міліцыянт, які заявіў, што бачыў, як Вінаградаў актыўна ўдзельнічаў у акцыі, выстаўляў цацкі. Сам Вінаградаў заявіў, што ён не ўдзельнічаў у акцыі, а назіраў побач.

Таксама ў судзе Маскоўскага раёну затрымалі моладзевага актывіста Аляксандра Арцыбашава. Ён хацеў даць перадачу Паўлу Вінаградаву.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў знік 21 лютага каля 17 гадзін. Павел павінен быў сустрэцца са знаёмым у кафэ «Містраль» каля стадыёна «Дынама». Аднак у кафэ так і не з'явіўся. Затое стала вядома, што туды прыходзілі двое ў цывільным і шукалі чалавека ў белай куртцы, падобнага да Вінаградава.

Толькі ў 3:30 ночы высветлілася, што Вінаградаў на Акрэсціна.

Апошнія навіны