Ірына Багданава распавядзе з трыбуны АБСЕ пра палітвязняў
- 23.02.2012, 16:07
23-24 лютага ў Вене праходзіць зімовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Гэта - адна з нешматлікіх міжнародных структур, у якую ўваходзяць афіцыйныя беларускія «дэпутаты». Іх у Вене прадстаўляюць Віктар Гумінскі і Ніна Мазай. На сесію таксама запрошаная сястра палітвязня Андрэя Саннікава - Ірына Багданава, перадае «Радыё Свабода».
«Дэпутат» «палаты прадстаўнікоў» Валянціна Леаненка таксама ўваходзіць у склад беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЕ. Аднак яна, як і большасць яе калегаў, у Вену ня паляцела. Леаненка тлумачыць гэта так:
«Зімовыя сесіі - яны звычайна кароткія. Там разглядаюцца большай часткай арганізацыйныя пытанні. Глабальныя пытанні зараз вырашацца не будуць, наколькі я ведаю. Галоўнае - сфарміраваць парадак дня працяглай летняй сесіі».
Ірына Багданава - сястра кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Андрэя Саннікава - з 22 лютага знаходзіцца ў Вене. Сёння яна выступіць перад дэпутатамі. Ірына паведаміла, што рэгламент яе прамовы - 7 хвілін. Гэта нямала для такой аўдыторыі, лічыць яна.
З Ірынай Багданавай пагаджаецца Анатоль Лябедзька, які ўваходзіў у дэлегацыю Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ:
«Калі выступаеш на пленарным паседжанні, то там звычайна табе даецца пяць хвілін. І не толькі запрошанаму, але і дэпутату, які мае адпаведны статус, галасуе і г.д. Так што сем хвілін па стандартах АБСЕ - гэта досыць шмат.
І другое. Тое, што запрасілі Ірыну Багданавай, я лічу вельмі пазітыўным фактарам. Яна належыць, можна ўмоўна сказаць, да жорсткага, радыкальнага крыла. А гэта значыць, што тыя, хто яе запрасіў, ведаюць, што з ейных вуснаў прагучыць і ў якім кантэксце. Значыць, ёсць пажаданне, каб у Вене прагучаў вельмі жорсткі крытычны пасыл. І да асамблеі, і да тых прадстаўнікоў афіцыйнай Беларусі, якія там будуць прысутнічаць».
Досвед падобных выступаў у Парламенцкай асамблеі АБСЕ мае і праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ён кажа, што расейскія калегі-праваабаронцы выступілі з ініцыятывай выключыць Беларусь з АБСЕ за шматлікія жорсткія парушэнні правоў чалавека.