«Малады фронт» адзначыць Дзень Волі ў цэнтры Менска
- 23.02.2012, 17:58
Прадстаўнікі моладзевай арганізацыі заяўляюць, што не пойдуць адзначаць нацыянальнае свята на плошчу Бангалор.
Па словах намесніка старшыні руху Мікалая Дземідзенкі, актывістаў Маладога фронту не запрасілі на паседжэнне аргкамітэта святкавання з-за прынцыповай пазіцыі адносна акцыі 25 сакавіка ў мінулым годзе:
- Верагодна, у гэтым годзе мы не былі запрошаныя ў аргкамітэт менавіта таму, што нашай галоўнай умовай у мінулым годзе было тое, што на Бангалор мы святкаваць нацыянальнае свята не будзем. У гэтым годзе арганізатары мітынгу вырашылі зрабіць прасцей, не запрасіўшы «Малады фронт», таемна ад нас падаць заяўку на правядзенне акцыі фактычна на Бангалор, мы натуральна не маглі пагадзіцца з такой пазіцыяй. Мы не застанемся ўбаку і будзем падаваць заяўку ў гарвыканкам на правядзенне акцыі.
Па словах Мікалая Дземідзенкі, у мінулым годзе актывісты Маладога фронту таксама падавалі ў Менгарвыканкам альтэрнатыўную заяўку на акцыю 25 сакавіка. Менавіта гэта, на думку маладафронтаўцаў, і прымусіла дэмакратаў праводзіць акцыю не на ўскраіне, а ў цэнтры Менска.
Сярод магчымых месцаў правядзення сваёй акцыі сябры моладзевага руху разглядаюць сталічную Кастрычніцкую плошчу або плошчу імя Якуба Коласа. Сябры ж створанага на гэтым тыдні аргкамітэта апазіцыйнай акцыі прапануюць удзельнікам зноў сабрацца ля станцыі метро «Акадэмія навук» і калонай прайсці да сумна вядомай плошчы Бангалор, перадае «Радыё Рацыя».