Яшчэ на крок бліжэй да будаўніцтва АЭС
- 24.02.2012, 9:56
Асноўныя кантракты па будаўніцтве беларускай АЭС падпісаныя. Аб гэтым паведаміў міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц.
Ён сёння правёў прыём па асабістых пытаннях у Магілёўскім гарвыканкаме.
Падпісаны кантракт па пошукавых працах, распрацоўцы праектнай дакументацыі і першачарговай працоўнай дакументацыі па беларускай АЭС з ЗАТ «Атамбудэкспарт». Падпісанае таксама крэдытнае пагадненне, і можна сказаць, што на сённяшні дзень фактычна падпісаны кантракт, які прадугледжвае выкананне першачарговых прац падрыхтоўчага перыяду. «Мы цяпер працуем над генеральным кантрактам па будаўніцтве АЭС, які плануецца падпісаць у чэрвені бягучага года», - сказаў Аляксандр Азярэц, перадае БелТА.
Атамная электрастанцыя ў Беларусі будзе будавацца на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці паводле расейскага праекта АЭС-2006, распрацаванага ААТ «Санкт-Пецярбургскі навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут Атамэнергапраект» (уваходзіць у расейскую дзяржкарпарацыю «Расатам»). Зараз там вядуцца падрыхтоўчыя працы, ідзе будаўніцтва аўтамабільнай і жалезнай дарог, ствараецца вытворчая база. Чакаецца, што першы энергаблок АЭС будзе запушчаны ў 2017 годзе, другі - у 2018-м.