Статкевіча выводзілі на шпацыр у -25 у летнім абутку
- 27.02.2012, 10:20
Марына Адамовіч атрымала чарговы ліст ад мужа Мікалая Статкевіча, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі 2010 года.
Нягледзячы на зняволенне, палітвязень як заўсёды жартуе, але стала вядома аб чарговых катаваннях, якім яго падвяргаюць ў турме, перадае «Радыё Рацыя».
«Ён адказвае паўжартам, наконт сабачак, з якімі ён там гуляе. Я яму пішу, як табе не сорамна сабачак марозіць, буду скардзіцца на цябе. А ён піша, што сабачкі ў цяпле, яны толькі праводзілі яго ад камеры да двара, дзе ён гуляе. Напісаў, што гуляе ў летніх чаравіках, яму нават не далі зімовыя чаравікі ў 25-ці градусныя маразы», - распавяла жонка палітзняволенага.
Мікалай Статкевіч быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 12 студзеня, па ініцыятыве адміністрацыі выпраўленчай калоніі, якая лічыць, што Статкевіч мае намер «далей весці злачынны лад жыцця», яго прызналі злосным парушальнікам рэжыму. У выніку Мікалая Статкевіча прысудзілі да трох гадоў крытай турмы без права абскарджання прысуду.