«Цацкі-пратэстоўцы» дабраліся да Заслаўя (Фота)
- 27.02.2012, 17:12
Хваля пратэстаў плюшавых цацак вылілася за межы Менска.
27 лютага акцыя «Цацка мітынгуэ!» прайшла ў Заслаўі, пішуць naviny.by.
Актывісты «Zмены» (моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!») каля 14:00 арганізавалі чарговы «плюшавы пікет», у гэты раз ля будынка Заслаўскага гарвыканкама. Цацачныя медзведзяня, зайчаня, качаня і дзве пластыкавыя лялькі «патрабавалі» вызваліць затрыманых раней «плюшавых паплечнікаў па барацьбе», а таксама Паўла Вінаградава і Аляксандра Арцыбашава, якія адбываюць дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю першага «плюшавага пікету» - каля Менскагагарвыканкама 10 лютага.
Другая падобная акцыя прайшла 23 лютага ў менскім скверы каля Дома-музея першага з'езда РСДРП, недалёка ад плошчы Перамогі. І вось - «цацачныя» пратэсты перакінуліся ў рэгіёны.
Акцыя ў Заслаўі працягвалася каля 15 хвілін. Пасля «плюшавыя пратэстанты» былі дастаўленыя ў гарвыканкам пільнай аховай гэтай установы.