Незадаволеных прадпрымальнікаў не пусцілі да адміністрацыі «Экспабела»
- 28.02.2012, 15:51
28 лютага прадпрымальнікі «Экспабела» паспрабавалі зарэгістраваць свой зварот аб незаконнасці дадатковага пагаднення арэнды, якое навязваецца ім адміністрацыяй цэнтра.
У будынак прадпрымальнікаў не пусціла ахова. На патрабаванне аб прадастаўленні пісьмовай адмовы ў рэгістрацыі звароту, прадпрымальнікам параілі скарыстацца скрыняй для лістоў і прапановаў, перадае БелПАН.
«У мяне ёсць указанне ўсіх туды не прапускаць. І па-адным таксама. Калі вы жадаеце індывідуальна, ёсць усталяваны парадак, скрыня для лістоў. Усё будзе зарэгістравана», - сказаў ахоўнік.
Як раней паведамлялася, РГА «Перспектыва» звярнулася ў Камітэт дзяржкантролю з нагоды незаконнага павышэння кошту арэнды для прадпрымальнікаў у 3,36 раза ў гандлёвым цэнтры «Экспабел» («Верхні пасаж»). Як паведаміў старшыня аб'яднання Анатоль Шумчанка, адміністрацыя цэнтра вымушае прадпрымальнікаў падпісваць дадатковае пагадненне да дзеючых дамоваў арэнды і ў прымусовым парадку браць у арэнду 1 квадратны метр агульнай плошчы памяшкання - частку хола, якую мяркуецца выкарыстаць для ўсталявання манекенаў, што абыдзецца арандатарам ў 261 еўра на месяц . У выпадку непадпісання дадатковага пагаднення арандатарам пагражаюць датэрміновым скасаваннем асноўнай дамовы арэнды.