Жонка Каваленкі: Сяргей кажа, што будзе галадаць да канца
- 28.02.2012, 18:14
28 лютага ў Віцебскім следчым ізалятары са зняволеным Сяргеем Каваленкам сустрэлася ягоная жонка Алена.
«Ён быў мне вельмі рады, але сам ён вельмі схуднеў, ледзь жывы. Кажа, што страціў больш за 30 кілаграмаў вагі, зусім не засталося тлушчавай праслойкі, але спыняць галадоўку не будзе. Кажа, да канца будзе змагацца», - паведаміла Алена Каваленка «Радыё Свабода».
Нагадаем, 24 лютага сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку прысудзілі да 2 гадоў і 1 месяцу калоніі. Актывіста абвінавацілі ў неаднаразовым парушэнні рэжыму адбыцця «хатняй хіміі» (яе яму прысудзілі за вывешаны ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг). З моманту затрымання Сяргей Каваленка трымае галадоўку, нягледзячы на тое, што яго спрабавалі карміць сілком.