«Белаўтадар»: На рамонт дарог не хапае грошай
- 7.02.2012, 13:17
Зараз значная частка аўтадарог эксплуатуецца з прапушчанымі міжрамонтнымі тэрмінамі, паведамляе прэс-служба «Белаўтадара».
Прасцей кажучы, рамонт, які неабходна было правесці, так і не адбыўся. Маюць патрэбу ў абнаўленні 6,6 тыс. км агульнанацыянальных дарог, а адрамантуюць толькі 934 км. На астатняе проста няма грошай, піша onliner.by.
Каб адрамантаваць усе трасы, трэба каля 4 трлн рублёў. У гэтым годзе на дарожныя работы плануецца накіраваць каля 3,6 трлн рублёў. Аднак вялікая частка гэтых сродкаў пойдзе на будаўніцтва і рэканструкцыю трас, капрамонт, а таксама на ўтрыманне дарог.
У прыватнасці, вялікія грошы будуць накіраваныя на рэканструкцыю дарогі Менск - Гомель. На ўсім яе працягу будзе чатыры паласы для руху. Для гэтага прыцягнуць пазыковыя сродкі Сусветнага банка і Эксімбанка КНР. Усяго на гэтай трасе неабходна рэканструяваць 215 км дарогі, узвесці 55 мастоў і шляхапровадаў.