Прадаўцы латарэй працягваюць барацьбу
- 8.02.2012, 17:05
Брэсцкія рэалізатары латарэй звярнуліся да менскага кіраўніцтва.
Мэтай звароту стала высвятленне канфліктнай сітуацыі адносна здарэння са страйкам 31 студзеня, перадае «Радыё Рацыя».
На сайце praca.by з'явілася заява рэалізатараў Нацыянальных спартовых латарэй адносна байкоту ў сувязі з адсутнасцю надбавак працаўнікам за зімовы час. Працаўнікі ў дзень страйку былі выкліканыя на размову з кіраўніцтвам адносна якасці працы.
Брэсцкі праваабаронца Уладзімір Малей адзначыў, што працаўнікі мелі права на байкот:
- Гэты зварот накіраваны на тое, каб прадставіць кіраўніку прадпрыемства рэальную абстаноўку, якая стварылася ў гэтым калектыве. Дзеянні брэсцкага кіраўніцтва, вядома, не правамерныя, бо праваадносіны паміж распаўсюднікамі і кіраўніцтвам сапраўды не рэгулююцца грамадзянска-прававой дамовай. Грамадзяніну прадастаўляецца права і на страйк, і права не выканання патрабаванняў наймальніка, якія не адпавядаюць працоўнаму заканадаўству, Грамадзянскаму кодэксу.
У той жа час кіраўнік брэсцкага філіяла Нацыянальных спартовых латарэй Ала Лукіна ў мясцовых сродках масавай інфармацыі падкрэслівала, што заяваў аб нявыхадзе на працу з боку распаўсюджвальнікаў латарэй брэсцкае кіраўніцтва не атрымлівала.
Байкатаванне 31 студзеня так і не адбылося пад пагрозай звальнення з працы брэсцкіх супрацоўнікаў латарэі.