Паўторны суд над Аляксандрам Крутым адбудзецца 19 сакавіка
- 12.03.2012, 11:47
Паўторны разгляд па справе менчука Аляксандра Крутога, прысуджанага да прымусовага лекавання, адбудзецца 19 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна.
Суддзём прызначаны Яўген Хаткевіч, піша ПЦ «Вясна».
Аляксандра Крутога абвінавацілі па ч.1 арт.339 Крымінальнага Кодэкса (хуліганства), а 7 снежня 2011 года суддзя Маскоўскага раёна Менска Аляксандр Кострыкаў на закрытым паседжанні прызнаў Аляксандра Крутога псіхічна неўраўнаважаным і прызначыў яму прымусовае лекаванне.
20 верасня 2011 года Аляксандр Круты быў затрыманы міліцыяй ў Менску па абвінавачванні ў хуліганстве. Круты з'яўляўся прадстаўніком пацярпелай падчас тэракту ў менскімі метро Інэсы Крутой і негатыўна ацэньваў рашэнне касацыйнай калегіі.
22 верасня старшыня ў судзе па тэракту Аляксандр Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб затрыманні Крутога. У ёй сказана, што Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Менска, наўмысна здзейсніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем да нормаў маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён «выліў змесціва двух слоікаў з мачой на галоўнага лекара». Круты быў адпраўлены ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі).
На 10 лютага быў прызначаны разгляд касацыйнай скаргі ў Менгарсудзе. Папярэдняе судовае рашэнне было адмененае Менскім гарадскім судом і накіраванае на новы разгляд, аднак Крутога з-пад варты не вызвалілі. C 20 верасня Аляксандр Круты знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна, а 29 лістапада яго накіравалі ў СІЗА № 1 Менска на Валадарскага.