«Невыязныя» палітыкі абскардзяць забарону на выезд
- 13.03.2012, 10:53
Апазіцыянеры, якія сталі невыязнымі, прынялі рашэнне змагацца з забаронай на выезд з Беларусі калектыўна.
«Тэхнічна мы вырашылі, як змагацца з гэтай бядой, але агучваць не хацелася б», - сказаў «Салiдарнасцi» каардынатар кампаніі «За вольныя выбары» Віктар Карняенка.
- Мы дамовіліся, калі казаць аб абароне нашых правоў, што будзем калектыўна абскарджваць рашэнне аб забароне на выезд за межы Беларусі, - працягнуў палітык.
Суразмоўца пакуль не звяртаўся за тлумачэннямі аб прычынах таго, што адбываецца ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі. Ён плануе, што па вяртанні на радзіму астатніх невыязных, яны зробяць гэта разам.
- У любым выпадку, спачатку варта знайсці вінаватых, тых, хто фармалізуе волю афіцыйнага лідэра. У мяне ўжо быў досвед падобных забаронаў. Выявіць службу, накласці забарону, вельмі складана: дзяржава ўмее валяць дурня ў такіх пытаннях, бо штампы ў пашпарты нам ніхто не паставіў. Проста сказалі, што шлагбаўм закрыты. Я буду кансультавацца з юрыстамі, а таксама калегам па няшчасці - праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам, - рэзюмаваў Віктар Карняенка.
Адзначым, што са спісу невыязных выключыў сябе Аляксандр Дабравольскі. Ён падкрэсліў, што яго з Беларусі выпусцілі, а праблемы паўсталі на мяжы толькі па вяртанні.
***
Генпракуратура сцвярджае, што інфармацыі аб уключэнні ў спіс часова невыязных з краіны прадстаўнікоў апазіцыі ў яе няма. Пра гэта «БелаПАН» паведаміў начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Павел Радзівонаў.
- Грамадзяне, якія лічаць, што іх правы парушаныя, могуць абскардзіць прынятыя ў дачыненні да іх рашэнні, - адзначыў ён.
Нагадаем, што з 7 па 11 сакавіка ў Літву не прапусцілі старшыюі АГП Анатоля Лябедзьку, лідара Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, каардынатара кампаніі «За вольныя выбары» Віктара Карняенку і праваабаронца Валянціна Стэфановіча. Пры гэтым пасля адмоваў на беларускай мяжы палітыкі змаглі заехаць у зону ЕЗ «абходным шляхам».