У Віцебску затрымалі жонку і сямімесячную дачку Каваленкі
- 14.03.2012, 15:21
Разам з Аленай Каваленка і дачкой у міліцыю забралі грамадскага актывіста Сяргея Парсюкевіча і яшчэ некалькіх ягоных паплечнікаў.
Аб затрыманні Сяргей Парсюкевіч паспеў паведаміць па тэлефоне.
Іх затрымалі супрацоўнікі ДАІ, перадае «Радыё Свабода».
Некалькі дзён таму Алена Каваленка разам з дзецьмі правяла акцыю ў падтрымку свайго мужа, Сяргея Каваленкі, які трымае доўгатэрміновую галадоўку пратэсту. У гэтай акцыі прымаў удзел таксама і Сяргей Парсюкевіч, і іншыя актывісты.
Віцебскі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка абвясціў галадоўку 19 снежня, потым рабіў перапынак, а бесперапынна трымае яе з 8 лютага. Сяргей Каваленка прысуджаны да 2 гадоў і 1 месяца калоніі агульнага рэжыму запарушэнне ўмоваў так званай «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешванне ў цэнтры Віцебску на навагодняй ёлцы бел-чырвона-белага сцяга. Такім чынам ён пратэстуе супраць прысуду. Па стане на 12 сакавіка, Сяргей Каваленка важыў 51 кілаграм, тэмпература цела была 35,2 градуса.