ЕЗ прапаноўвае праграму мадэрнізацыі Беларусі
- 14.03.2012, 17:07
23 сакавіка Рада ЕЗ абмяркуе новую праграму супрацоўніцтва з Беларуссю.
Праграма «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі» павінная быць фармальна ўхваленая на паседжанні Рады міністраў замежных спраў ЕЗ.
Пра гэта паведаміла БелаПАН Майя Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Сутнасць новай праграмы - актывізацыя супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю.
«Як вы памятаеце, пасля непразрыстых выбараў у снежні 2010 года мы казалі аб неабходнасці ўзмацніць дыялог з грамадзянскай супольнасцю і насельніцтвам Беларусі ў цэлым, - адзначыла прэс-сакратар. - І зараз мы рэалізуем гэтую ідэю, якую назвалі «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі». Іншымі словамі, мы пашыраем нашае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю і беларускай палітычнай апазіцыяй».
Качыянчыч таксама нагадала, што ў лідэраў беларускай апазіцыі адбылося некалькі сустрэч з прадстаўнікамі ЕЗ, у тым ліку з Кэтрын Эштан і еўракамісарам па пытаннях пашырэння Штэфанам Фюле.
«І мы працягнем працаваць з імі для абмеркавання еўрапейскай будучыні для Беларусі, дэмакратычнай альтэрнатывы і патэнцыяльнай выгады для краіны. Мы спадзяемся ўбачыць, як мяняецца Беларусь у бок дэмакратыі, вяршэнства закона і павагі правоў чалавека», - заявіла Качыянчыч.
У гэтым выпадку, падкрэсліла яна, з боку ЕЗ магчымае аказанне краіне дапамогі ў правядзенні эканамічных рэформ і прыцягненні інвестыцый. У прыватнасці, магчымае больш актыўнае супрацоўніцтва з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, аказанне макраэканамічнай дапамогі.
Новая праграма, у выпадку яе ўхвалення Радай ЕЗ, ужо 29 сакавіка будзе афіцыйна прадстаўленая ў Брусэлі, аднак Майя Качыянчыч пакуль не змагла пацвердзіць гэтую інфармацыю.
Варта таксама адзначыць, што 23 сакавіка на паседжанні Рады міністраў ЕЗ будзе разгледжаны поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесмэнаў, да якіх могуць быць ужытыя санкцыі - пра гэта паведаміла Кэтрын Эштан 27 лютага.
Нагадаем, прыняць «далейшыя меры» ў дачыненні да беларускай дзяржавы Рада ЕЗ заклікалі лідэры краін Еўразвяза на саміце ў Брусэлі 2 сакавіка. У прынятай заяве еўрапейскія лідары таксама выказалі прыхільнасць супрацоўніцтву з грамадзянскай супольнасцю Беларусі і падтрымку дэмакратычным памкненням беларускага народа.