Праваабаронцу Волчаку не вяртаюць пашпарт
- 15.03.2012, 12:11
Алег Волчак скардзіцца ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і знікненне пашпарта.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, ён накіраваў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія не выдаюць яму пашпарт.
6 лютага 2012 Алег Волчак звярнуўся ў Следчы камітэт па горадзе Менску з заявай аб распачацці справы па арт. 378 КК (крадзёж асабістых дакументаў) у сувязі з тым, што ў час яго адміністрацыйнага затрымання знік асабісты пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, былы следчы пракуратуры, кіраўнік грамадскага аб'яднання «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў) Алег Волчак быў затрыманы ў Менску 27 студзеня. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на чацвёра сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведаміў Волчак, падчас арышту з ягонай кватэры знік пашпарт. «Падчас затрымання ў мяне канфіскавалі у тым ліку і ключы ад кватэры. Таму я падазраю, што супрацоўнікі міліцыі спецыяльна забралі мой пашпарт, каб я не мог ездзіць на праваабарончыя канферэнцыі. Гэта толькі меркаванне, пацвердзіць яго я не магу. І я да гэтага часу не ведаю, дзе знаходзіцца мой пашпарт», - сказаў праваабаронца.
8 лютага Волчак накіраваў заяву ў РУУС Цэнтральнага раёна Менска па факце выкрадання пашпарта. У заяве адзначыў, што апошні раз яго бачыў у кватэры 27 студзеня, калі яго затрымалі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС.
«Начальнік Цэнтральнага РУУС Радзевіч даручыў разгляд майго матэрыялу праводзіць старэйшаму інспектару Саладуну. 12 cакавіка я асабіста звярнуўся да Саладуна, каб ён мне растлумачыў, чаму да гэтага часу па матэрыяле няма рашэння, хоць скончыўся ўсталяваны законам тэрмін у адзін месяц. У асабістай гутарцы 12 сакавіка Саладун заявіў, што тэрмін будзе яшчэ працягваць, але на якой падставе, ён не змог мне растлумачыць», - сказаў Воўчак.
Ён лічыць, што супрацоўнікі міліцыі наўмысна зацягваюць прыняцце рашэння па ягонай скарзе аб згубе пашпарта. У той жа час аддзел па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага РУУС Менска адмаўляецца выдаць Волчаку новы пашпарт, пакуль не будзе скончаная праверка ў сувязі са згубай пашпарта.