БАЖ: Ціск на журналістаў расце
- 15.03.2012, 13:31
«Беларуская асацыяцыя журналістаў» адзначае няўхільнае пагаршэнне сітуацыі са свабодай слова ў краіне.
Амаль адначасова адбываюцца незаконнае абмежаванне права на свабоду перамяшчэння сябраў арганізацыі, рэзкае ўзмацненне пераследу журналістаў з боку пракуратуры і КДБ, а таксама распаўсюджванне недакладнай і абразлівай інфармацыі аб ГА «БАЖ» і ягоным кіраўніцтве дзяржаўным тэлебачаннем, паведамляе сайт арганізацыі.
За апошнія некалькі дзён ужо чатыром сябрам ГА «БАЖ» было адмоўлена ў выездзе за межы Беларусі. Сярод іх - старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, якой 15 сакавіка памежныя службы не дазволілі выляцець з аэрапорта «Менск-2» у Варшаву. У той жа дзень не далі выехаць з краіны прадстаўніку тэлеканала «Белсат» Міхаілу Янчуку, які таксама накіроўваўся ў Варшаву. Напярэдадні, 14 сакавіка, з Беларусі не дазволілі выехаць у Літву шэф-рэдактару газеты «Наша Ніва», сябру ГА «БАЖ» Андрэю Дынько, а 11 сакавіка - яшчэ аднаму сябру арганізацыі Валянціну Стэфановічу.
Ні адна з афіцыйных структур не дае журналістам інфармацыі кім і на якой падставе прымалася рашэнне аб часовым абмежаванні іхняга права на выезд з краіны. З аналагічнымі праблемамі сутыкнуўся ў гэты ж перыяд шэраг грамадскіх дзеячаў і апазіцыйных палітыкаў.
Гэтыя абмежаванні наўпрост парушаюць артыкул 30 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой грамадзяне краіны маюць права вольна пакідаць Беларусь, - гэтак жа як і закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспублікі Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Абмежаванне права журналістаў і сяраў БАЖ на выезд з краіны супярэчыць таксама арт. 33 і 34 Канстытуцыі краіны, якія гарантуюць грамадзянам свабоду выказвання і свабоду распаўсюду інфармацыі.
Масавыя парушэнні свабоды думкі выяўляюцца і ў тым, што з пачатку года 7 журналістаў з Гродна і Полацка атрымалі вусныя або пісьмовыя папярэджанні ад органаў пракуратуры і КДБ. Яшчэ адзін журналіст з Брэста выкліканы ў абласную пракуратуру на 19 сакавіка. Таксама вельмі трывожнымі сігналамі для журналістаў сталі затрыманні ў апошнія дні ў Менску двух замежных здымачных груп - эстонскай з канала TV3 3 і шведскай з SVT, якія былі акрэдытаваныя ў краіне.
Нельга не звярнуць увагі на тое, што ціск на журналістаў і сябраў БАЖ павялічыўся неўзабаве пасля распачатай на беларускім тэлебачанні кампаніі цкавання і дыскрэдытацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і яе кіраўніцтва. Складваецца ўражанне, што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне займаецца ідэалагічным забеспячэннем наступу на незалежную журналістыку ў краіне.
У сувязі з вышэйпералічанымі фактамі ГА «БАЖ»:
- Рашуча пратэстуе супраць увядзення абмежавання журналісцкай дзейнасці, правоў і законных інтарэсаў сваіх сябраў;
- Патрабуе, каб Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС і Дзяржаўны памежны камітэт адказалі на пытанне: якая дзяржаўная ўстанова і на якой падставе прымала рашэнне абмежаваць шэрагу грамадзянаў выезд з краіны;
- Звяртаецца ў Пракуратуру РБ з патрабаваннем прыняць меры па аднаўленні законнасці;
- Заяўляе, што будзе і надалей, незалежна ад ціску на арганізацыю, ажыццяўляць сваю дзейнасць па ўсталяванні свабоды слова ў краіне.