Любоў Кавалёва просіць прыпыніць выкананне прысуду сыну
- 16.03.2012, 10:31
Маці асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва 16 сакавіка накіравала заказным лістом зварот да Аляксандра Лукашэнкі.
Кавалёва просіць аб прыпыненні выканання смяротнага прысуду ў дачыненні да сына на год, паведамляе БелаПАН.
«Прашу ў парадку забеспячэння рэалізацыі артыкула 61 Канстытуцыі даць даручэнне органу, які па заканадаўстве павінен выконваць пакаранне, прыпыніць выкананне смяротнага пакарання ў дачыненні да майго сына на 1 год, - гаворыцца ў звароце да кіраўніка дзяржавы. - Спадзяюся, што за гэты час зварот, які знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека, будзе разгледжаны. Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў разгляду звароту ў ААН. Прашу Вас, прыпыніце пакаранне на адзін год».
Сёння Любоў Кавалёва разам з адвакатам сына Станіславам Абразеем зноў будуць спрабаваць атрымаць у СІЗА КДБ інфармацыю аб Уладзіславе Кавалёве, пра тое, дзе ён знаходзіцца і аб ягоным стане.