Статкевіч упершыню з ліпеня патэлефанаваў з турмы жонцы
- 16.03.2012, 12:11
16 сакавіка палітвязень Мікалай Статкевіч патэлефанаваў з магілёўскай турмы жонцы.
«Нашая гутарка доўжылася ўсяго тры хвіліны», - паведаміла «Салiдарнасцi» Марына Адамовіч.
Гэта першае тэлефанаванне Статкевіча з магілёўскай турмы № 4, а таксама - першае з ліпеня мінулага года.
- У мяне навіны, якім пара хвілін, - падзялілася з карэспандэнтам жонка кандыдата ў прэзідэнты. - Мікалаю дазволілі зрабіць тэлефанаванне. Ён быў вельмі кароткім, літаральна троххвілінным. Вядома, гэта былі тры хвіліны эмоцый. Голас у Мікалая бадзёры. Ён распавёў, што шмат чытае, займаецца спортам. Прасіў перадаваць прывітанне ўсім, хто яго падтрымлівае - агульным знаёмым, людзям, якія яму пісалі. Літаральна паўхвіліны мы размаўлялі пра палітыку. Але падчас тэлефанавання на фоне было шумна. Зразумела, што Мікалай тэлефануе ў прысутнасці вялікай колькасці людзей.
Палітвязень Статкевіч таксама распавёў, што ліст, які прыйшоў ад жонкі, суправаджаўся запіскай ад цэнзара. У ёй было папярэджанне, што калі ягоная жонка і далей будзе ўжываць такія «цынічныя словы», як «жабкі», «звер», «смоўж», - лісты не будуць даходзіць да адрасата.
Акрамя таго, кандыдат у прэзідэнты паведаміў, што яму можна мець толькі адну пару абутку. Паколькі чаравікі яму так і не перадалі, ён зрабіў выбар на карысць туфляў.
Мікалая Статкевіча этапавалі са Шклоўскай калоніі ў магілёўскую турму закрытага тыпу 13 студзеня 2012 года.