Беларускі МЗС кліча еўраамбасадараў назад
- 2.03.2012, 13:59
Мы не ставім ніякіх умоваў, калі амбасадары скончылі кансультацыі, то могуць вяртацца назад, заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС.
Прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных у інтэрв'ю карэспандэнту польскай радыёстанцыі RMF FM таксама сказаў, што Беларусь зацікаўленая ў дыялогу з ЕЗ, перадае «Радыё Свабода».
«Мы намагаемся вырашыць гэты канфлікт і зрабіць так, каб Менск і Брусель вярнуліся за стол перамоваў», - сказаў Савіных. Ён дадаў, што ў яго няма ў планах зрабіць нешта, што магло б пашкодзіць такім адносінам. Савіных таксама сцвярджаў, што ахвярай дыпламатычнай вайны стала як раз Беларусь: «Менск не ініцыяваў ніякіх крокаў, якія маглі б прывесці да абвастрэння канфлікту. Гэта мы - бок, пацярпелы ад дзеянняў вялікага суседа - я маю на ўвазе Еўрапейскі Звяз», - дадаў ён у гутарцы з RMF FM.