Апошні дыктатар (Відэа)
- 2.03.2012, 14:31
У Лондане прадставілі «Апошняга дыктатара Еўропы».
Фільм адлюстроўвае погляд на Аляксандра Лукашэнку і ягоных апанентаў. Прэм'еру ў Лондане прадставілі ініцыятыва «Free Belarus Now» і кампанія «Guerilla Pictures».
Як паведаміла сайту charter97.org лідарка ініцыятывы «Free Belarus Now» Ірына Багданава, сястра Андрэя Саннікава, кандытата ў прэзідэнты Беларусі, асуджанага на 5 гадоў турмы, прэм'ера прайшла з аншлагам, цікавасць да Беларусі была велізарнай.
У прэзентацыі фільма прымалі ўдзел былы амбасадар Вялікабрытаніі Браян Бэнэт, аўтар кнігі «Апошняя дыктатура Еўропы: Беларусь пад Лукашэнкам», і Джуліян Асанж, заснавальнік Wikileaks.
Агучвае фільм вядомая брытанская акторка Джаана Ламлі. Па ейных словах, яна нічога не ведала аб дэспатычнай Беларусі, пакуль яе не запрасілі прыняць удзел у пікеце з патрабаваннем вызвалення Андрэя Саннікава.
- Калі я даведалася пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з дысідэнтамі, якое адбываецца так блізка ад Вялікабрытаніі і на мяжы з ЕЗ, я зразумела, што павінная зрабіць усё магчымае для асвятлення забойстваў і катаванняў, якія працягваюцца дагэтуль.
Джуліян Асанж паведаміў на прэзентацыі, што дапамагаў здымаць фільм «Апошні дыктатар Еўропы», таму што ў 2009 годзе асабіста пазнаёміўся з кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесем Бяляцкім, які цяпер знаходзіцца ў турме. І таму, сказаў Асанж, ён цяпер «у тэме Беларусі».
Адзін з аўтараў фільма брытанец Мэцью Чарльз прыязджаў для здымак у Беларусь, аднак вялікая частка працы рабілася таемна. Тое, што гэта не таямніца для беларускіх органаў, Мэцью стала вядома на мяжы, калі ён вяртаўся назад. З ім гутарылі 2 гадзіны і прапанавалі «аддаць» відэазапісы, якія, аднак, своечасова былі адпраўленыя за мяжу.
Мэцью атрымалася не толькі сустрэцца і пагутарыць са многімі вязнямі Плошчы, але і з'ездзіць на радзіму Лукашэнкі, у Александрыю.
Фільм паказвае не толькі сваю падачу ўжо вядомай беларускай фактуры, але і менш агучаныя тэмы - як, напрыклад, погляд у карані чалавечай «ненармальнасці» беларускага дыктатара.
Асноўную сцэнарную лінію вядзе сястра Андрэя Саннікава Ірына Багданава.
- Я адчуваю, быццам у турме не мой брат, а я сама, - кажа Ірына Багданава, якая даўно працуе лекарам у Англіі.
Яе пасланне аб апошнім дыктатары бескампраміснае:
- Ён павінен быў быць спынены шмат гадоў таму. Але калі мы не спынім яго зараз, гэта закране кожнага з вас.
Ірына Багданава папрасіла прысвяціць першы паказ фільма Сяргею Каваленку - беларускаму палітвязню, які галадае ў турме.
«Я глядзела ўчора гэты фільм у першы раз. Мне вельмі цяжка было зноў перажыць эмацыйна арышт Андрэя. Але, тым не менш, агульнае ўражанне - падтрымка міжнароднай супольнасці Беларусі вырасла неймаверна за апошні год, што надае мне сілы далей працягваць барацьбу. Людзі даведаюцца больш і больш, цалкам шакаваныя і гатовыя дапамагаць усімі магчымымі спосабамі. Гэта пасланне беларусам, што яны не адныя. Свет спрабуе дапамагчы перамозе дэмакратыі ў Беларусі», - сказала Багданава.
Сара Кумбс, менеджэр кампаніі «Free Belarus Now» у інтэрв'ю «Радыё Свабода» паведаміла, што зараз вядуцца перамовы аб дыстрыбуцыі фільма. Плануецца таксама яго выпуск на DVD. Кумбс таксама сказала, што рыхтуюцца і паказы фільма ў Беларусі, аднак па відавочных прычынах не паведаміла дэталяў.