Ермакова: Індэксацыі ўкладаў не будзе
- 21.03.2012, 10:22
Заканадаўствам не прадугледжаная кампенсацыя укладчыкам тых грошай, якія абясцэньваюцца ў працэсе інфляцыі.
Аб гэтым кіраўніца Нацбанка заявіла падчас «прамой лініі» ў газеце «Рэспублiка».
- Добры дзень, Надзея Андрэеўна! Я Леанід Пятровіч, пенсіянер, 75 гадоў. Цікавіць пытанне, ці будзе індэксацыя ўкладаў?
- Вы маеце на ўвазе ўклады савецкіх часоў?
- Не, цяперашнія, у беларускіх рублях.
- Не будзе. Заканадаўствам не прадугледжаная кампенсацыя ўкладчыкам тых грошай, якія абясцэньваюцца ў працэсе інфляцыі.
- Але ў нас жа дзяржава сацыяльна справядлівая...
- Справядлівая. І ўлічваючы тое, што многія грамадзяне ў мінулым годзе насамрэч панеслі пэўныя страты ў сувязі з дэвальвацыяй і высокай інфляцыяй, дзяржавай зараз актыўна прымяняюцца іншыя кампенсацыйныя механізмы - павялічваюцца пенсіі, дапамогі, расце заработная плата. У гэтым напрамку ідзе сталая праца, прымаюцца рашэнні. У гэтым годзе прадугледжаныя немалыя сумы ў бюджэце для таго, каб павысіць прыбыткі насельніцтва.
- Атрымліваецца так, што людзі ні за што пацярпелі...
- Пацярпелі, але адзіны варыянт кампенсаваць страты - гэта павысіць прыбыткі насельніцтва, каб яны сталі супастаўныя з коштамі на тавары і паслугі. Такая задача пастаўленая Прэзідэнтам перад урадам, Нацыянальным банкам, усімі органамі ўлады.
Таксама Надзея Ермакова адказала на пытанне з нагоды вяртання «савецкіх» укладаў.
- Добры дзень, я былая настаўніца, а зараз пенсіянерка Тамара Прохараўна Суднік, тэлефаную з Сянно. Скажыце, ці змагу я яшчэ пры жыцці, а мне ўжо 76 гадоў, сама распарадзіцца грашыма, якія засталіся на ўкладзе з савецкіх часоў? Або на іх варта забыцца?
- Думаю, паспееце. Але не ў гэтым годзе - у рэспубліканскім бюджэце на 2012 год не прадугледжаныя сродкі на пакрыццё «савецкіх» укладаў. У далейшым усё будзе залежыць ад развіцця эканамічнай сітуацыі ў краіне. Але пытанне з парадку дня не знятае.
- Я дзесьці чула, што кампенсаваць страчаныя зберажэнні можна будзе не рублямі, а таварамі народнага спажывання.
- Зразумейце, тавары народнага спажывання таксама трэба будзе купіць за кошт дзяржбюджэту - вытворцы іх бясплатна не аддадуць. У бягучым годзе ў бюджэце на гэта грошай не прадугледжана.