БХК патрабуе праверыць законнасць спісу «невыязных»
- 22.03.2012, 10:25
Юрысты Беларускага Хельсінкскага Камітэта звярнуліся ў Генпракуратуру па фактах забаронаў на выезд шэрагу грамадскіх дзеячаў, журналістаў, палітыкаў.
«Праваабаронцы просяць правесці праверку па факце парушэння канстытуцыйных правоў грамадзянаў на свабоду руху, а таксама заканадаўства аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання», - гаворыцца ў паведамленні на сайце БХК.
Акрамя таго, Гары Паганяйла і Алег Гулак накіравалі індывідуальныя звароты ў Генпракуратуру, МУС і Мінюст.
Нагадаем, у якасці прычыны для абмежавання права на выезд з краіны Алегу Гулаку паказана на наяўнасць грамадзянскага пазову ў дачыненні да яго, Гары Паганяйла - на наяўнасць справы аб банкруцтве, па якой ён з'яўляецца даўжніком ці зацікаўленай асобай у адносiнах да даўжнiка.
Ад Мінюста заяўнікі просяць даць звесткі аб падставах уключэння іх у банк дадзеных часовага абмежавання права на выезд, ад Генпракуратуры і МУС - праверыць дакладнасць і паўнату звестак, якiя паслужылi падставай для ўключэння іх у гэты банк.