Прэм'ер Літвы падтрымаў санкцыі супраць «кашалькоў» дыктатара
- 22.03.2012, 12:07
Літва падтрымлівае магчымыя санкцыі ЕЗ у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а не ў дачыненні да буйных прамысловых прадпрыемстваў гэтай краіны.
Аб гэтым заявіў прэм'ер Літвы Андрус Кубілюс, перадае Delfi.
Ён назваў неабгрунтаванымі асцярогі, што ЕЗ можа пачаць ўводзіць якія-небудзь абмежаванні для бізнесу Беларусі.
«Мне падаецца, шмат недакладнай інфармацыі, таму што распаўсюдзіліся звесткі, ці нейкая краіна прапанавала, каб санкцыі ўжываліся ў дачыненні да найбуйных беларускіх прамысловых прадпрыемстваў - каліевых заводаў, хімічнай прамысловасці. Наколькі мы ведаем, гэтага не будзе, гэта не плануецца», - сказаў у чацвер у інтэрв'ю Žinių radijаs прэм'ер.
Па ягоных словах, такія санкцыі былі б неразумнымі, таму што ад гэтага больш за ўсё пацярпелі б простыя жыхары Беларусі.
«Санкцыі працягваюцца ў дачыненні да людзей, блізкіх да Лукашэнкі, некаторыя з іх - прадпрымальнікі, але гэты спіс абмежаваны. Такія асцярогі неабгрунтаваныя», - сказаў Кубілюс.
Ён падкрэсліў, што Літва зацікаўлена ў тым, каб у ЕЗ была агульная палітыка ў дачыненні да Беларусі.
«Такая палітыка дапамагла б Беларусі пераадолець свае ўнутраныя праблемы, а рэжыму Лукашэнкі - зразумець, што элементарныя правы чалавека, элементарныя дэмакратычныя правы - абавязковая ўмова для таго, каб Беларусь магла больш адкрыцца перад Еўропай у эканамічным плане, і такім чынам імкнуцца да дабрабыту сваіх грамадзянаў», - сказаў Кубілюс.