BE RU EN

«Чорны спіс» ЕЗ будзе пашырацца да вызвалення палітвязняў

  • 23.03.2012, 12:58

Сёння Рада міністраў замежных спраў ЕЗ пашырыла санкцыі ў дачыненні да 29 беларускіх кампаній і 12 прыватных асоб.

Пра гэта дыпламат ЕЗ паведаміў агенцтву Reuters.

Санкцыі ўступяць у сілу з суботы, калі будзе абвешчаны спіс людзей, якія падпалі пад іх дзеянне.

Як паведамляе «Радыё Свабода», у спіс патрапілі толькі 2 бізнесмэны - Анатоль Тарнаўскі і Юрый Чыж. У спісе фірм - кампанія Тарнаўскага «Юнівест», сярод астатніх - тыя, што належаць Чыжу і Пефціеву. Аднак у спіс не трапіла кампанія Чыжа, якая супрацоўнічае са Славеніяй, і тры кампаніі, якія маюць справавыя сувязі з Латвіяй.

«Такім чынам мы выказваем салідарнасць з беларускім грамадствам і не ўхваляем дзеянні афіцыйных уладаў» - сказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв'ю агенцтву РАР. «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, некаторыя палітычныя зняволеныя знаходзяцца на мяжы смерці, гэта не можа быць пакінута без адказу», - дадаў міністр.

У высновах Рады міністраў па справе Беларусі гаворыцца:

«З-за таго, што палітычныя зняволеныя да гэтага часу не вызваленыя і не рэабілітаваныя і на фоне далейшага пагаршэння сітуацыі, Рада вырашыла усталяваць дадатковы спіс асоб, адказных за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, да якіх будуць ужытыя візавыя абмежаванні і замарозка актываў. Рада таксама вырашыла ўключыць у спіс бізнесмэнаў і кампаніі, якія маюць прыбытак дзякуючы рэжыму ці падтрымліваюць яго. Было дамоўлена, што спіс будзе пашырацца на наступных паседжаннях Рады, пакуль у Беларусі не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Спіс асоб і фірм, да якіх прымяняюцца абмежавальныя меры Еўразвяза, застаецца адкрытым і будзе стала пераглядацца.

Рада зноў заклікае Беларусь паважаць прынцыпы дыпламатычнай недатыкальнасці і прывілеі дыпламатычных прадстаўніцтваў краін ЕЗ у Менску і спыніць цяперашняе цкаванне і запалохванне.

У сувязі з запланаваным Чэмпіянатам свету па хакеі 2014 года Еўразвяз будзе інфармаваць Міжнародную федэрацыю хакея на лёдзе і нацыянальныя федэрацыі аб сваёй глыбокай занепакоенасці з прычыны непавагі з боку ўладаў Беларусі да правоў чалавека, вяршэнства законаў і дэмакратычных прынцыпаў.

ЕЗ пацвярджае сваё цвёрдае імкненне надалей умацоўваць узаемадзеянне з народам Беларусі і грамадзянскай супольнасцю і падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускага народа. Рада вітае ініцыятыву Еўразвяза «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» з беларускім грамадствам у справе неабходных рэформ для мадэрнізацыі Беларусі і патэнцыйнага развіцця адносінаў з ЕЗ, а таксама магчымай падтрымкі ў гэтым з боку ЕЗ».

Апошнія навіны