У Вільні адкрылася выстава «Невядомая БНР» (Фота)
- 23.03.2012, 17:26
23 сакавіка ў Вільні адкрылася выстава пад назвай «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка», прымеркаваная да святкавання Дня Волі.
Яе арганізатарамі выступілі Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ), Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы і Фонд імя Конрада Адэнаўэра (KAS). На выставе прадстаўленыя нядаўна знойдзеныя гістарычныя дакументы, якія з'яўляюцца знакавымі для беларускага народа.
ЕГУ сумесна з Цэнтральным дзяржаўным архівам Літвы больш за год даследавалі дадзеныя гістарычныя дакументы, датаваныя 1918-1944 гг. Сярод знаходак - аўтабіяграфія і заяўка на навучанне ў ЗША беларускага навукоўца Барыса Кіта, які стаў у Злучаных Штатах адным з самых знакамітых даследчыкаў космасу ў свеце.
Акрамя таго, прадстаўленыя асабістыя дакументы заснавальнікаў першых беларускіх палітычных арганізацый, газет, нацыянальных музеяў і навуковых таварыстваў, а таксама дыпламатычныя пашпарты дзяржслужачых Беларускай Народнай Рэспублікі і гістарычныя матэрыялы на тэму найбольш буйнога сходу Беларускай сялянска-рабочай грамады ў Беларусі.
Афіцыйнае адкрыццё выставы адбылося ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы і ў навучальным корпусе Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (вул. Валакупю, 5).
Экспазіцыя ў ЕГУ будзе доўжыцца з 23 сакавіка па 1 красавіка. Таксама плануецца прадставіць дадзеную выставу ў Беларусі.
Выстава арганізуецца ў межах мерапрыемстваў «Беларускага тыдня», які праводзіцца з нагоды святкавання беларускага Дня Волі ў Вільні.