Апазіцыі выставілі рахунак за Дзень Волі
- 26.03.2012, 17:12
За «дапамогу» ў правядзенні Дня Волі арганізатары павінныя заплаціць гарадскім службам і праваахоўным органам усяго каля 12 мільёнаў рублёў.
У аргкамітэта такіх грошай няма, прызнаецца «Еўрарадыё» Віктар Івашкевіч.
«Сёння мы збіраем аргкамітэт і будзем заклікаць саўдзельнікаў скінуцца», - сказаў палітык.
Дарэчы, на плошчу Бангалор, дзе ў нядзелю праходзіў мітынг, так і не даехала машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, якую арганізатары афіцыйна арандавалі ў Рэспубліканскага цэнтра тэлерадыёперадачы і за якую заплацілі 670 тысяч рублёў. Машыну спынілі супрацоўнікі міліцыі. Па словах Івашкевіча, да ўладальнікаў абсталявання ў арганізатараў прэтэнзіі няма - загад супрацоўнікаў міліцыі можна лічыць форс-мажорам. А вось з палкоўнікам Яўсеевым, які кіраваў дзеяннямі міліцыянтаў падчас Дня Волі, арганізатары будуць «высвятляць адносіны».