Леанід Заіка: Навошта вырабляць беларускія памперсы?
- 27.03.2012, 14:22
Першыя падгузнікі айчыннай вытворчасці павінныя з'явіцца ў ліпені. Завод для іх выраблення пабудуюць у СЭЗ «Магілёў».
Замежнае прадпрыемства «БелЭмса» збіраецца ўкласці ў будаўніцтва 4 млн еўра, каб вырабляць 112 млн падгузнікаў на год. Завод створыць 30 працоўных месцаў. Прадаваць прадукцыю плануюць у Беларусі, Расеі і Казахстане.
Эканаміст Леанід Заіка адзначае, што беларускія падгузнікі будуць альбо саступаць замежным агульнавядомым маркам ў якасці, альбо прадавацца па больш высокім кошце. «Імпартазамяшчэнне - тэарэтычная памылка, якую нашыя чыноўнікі актыўна прасоўваюць як панацэю для дзяржавы. Калі б усе краіны кіраваліся прынцыпам замяшчэння імпарту, то сусветная эканоміка даўно б спыніла сваё існаванне. Вырабляць тавар, які прасцей і танней купіць за мяжой, не мае сэнсу. Лепш прывезці тавар з краіны, дзе ўжо засвоілі тэхналогію, чым выдаткоўваць грошы на наладжванне новай вытворчасці», - пракаментаваў эксперт.
Леанід Заіка скептычна ставіцца да спісу тавараў, вытворчасць якіх збіраюцца асвоіць у Беларусі. «У мяне ўзнікае пачуццё «захаплення», калі я бачу, што краіна будзе вырабляць 7000 падплечнікаў для адзення. Чыноўнікі ўжо не ведаюць, якім чынам выдаткаваць бюджэтныя грошы», - сказаў эканаміст «Белсату».