Еўрапарламент закліча да эканамічных санкцый супраць Беларусі
- 28.03.2012, 21:57
Еўрапейскі парламент рэкамендуе Радзе ЕЗ увесці мэтавыя эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму.
Еўрапарламент рэкамендуе Радзе ЕЗ зрабіць больш жорсткім рэжым абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі і ўвесці мэтавыя эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму ў сувязі з прывядзеннем ў выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных па справе аб тэракце ў менскім метро.
Пра гэта гаворыцца ў атрыманым сёння ІТАР-ТАСС праекце рэзалюцыі заканадаўчага органа Еўрапейскага звяза, якая будзе прадстаўленая на галасаванне 29 сакавіка.
Еўрапарламент «заклікае Раду прыняць да ўвагі нядаўнія змены ў дыпламатычных адносінах ЕЗ і Беларусі і далейшае пагаршэнне сітуацыі ў галіне правоў чалавека і асноўных свабод у краіне і, зыходзячы з гэтага, прыняць рашэнне аб далейшых абмежавальных мерах, у тым ліку мэтавых эканамічных санкцыях», адзначаецца ў дакуменце.
У ім таксама ўказваецца, што дадзены крок з'яўляецца адказам на адмову Менска памілаваць Канавалава і Кавалёва і на выправаджэнне з рэспублікі кіраўніка прадстаўніцтва ЕЗ і амбасадара Польшчы.
Акрамя таго, сябры ЕП зноў рэкамендуюць Беларусі «неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных» і заяўляюць аб гатовасці Еўразвяза аказваць фінансавую і палітычную падтрымку намаганням беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і няўрадавым арганізацыям, якія працуюць для развіцця дэмакратыі ў краіне.