Каваленку ўводзяць раствор для падтрымання бялковай масы
- 30.03.2012, 9:29
29 сакавіка ўвечары маці і жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі дачакаліся выхаду з калоніі лекара-рэаніматолага, які яго аглядаў.
Алена Каваленка кажа, што вынікам агляду стануць пэўныя медыцынскія дзеянні па падтрыманні стану ейнага мужа, які, аднак, працягвае галадоўку:
«Яго не шпіталізавалі, але нам паабяцаў лекар з калоніі, што яны распрацавалі схему артэрыяльнага харчавання. Яму ўжо нібыта паставілі кропельніцу, катэтар паставілі на локцевыя вены і зараз будуць капаць. Лекары былі ў яго недзе больш за паўтары гадзіны, але нам з ім пабачыцца не далі, адгарадзілі яго ад нас. Дактароў хутка вывелі і перагарадзілі нам шлях, каб не ўбачылі яго».
Па словах Алены Каваленкі, ейнаму мужу будуць зараз уводзіць не проста глюкозу, а другі раствор для падтрымання бялковай масы. Пазней могуць ужыць і зонд, піша «Наша Ніва».