BE RU EN

Станіслаў Шушкевіч: Расея атрымае свае выгады, але Лукашэнку не выратуе

  • 5.03.2012, 11:27

Адносіны з Беларуссю пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расеі будуць яшчэ больш «прагматычныя».

- Вынікі выбараў у Расеі, вядома, можна было прадказаць. Што тычыцца далейшых узаемаадносінаў з Беларуссю, то Пуцін не раз паказваў, што дрэнна адносіцца да Лукашэнкі. Тым не менш, яны палітычныя аднадумцы, таму варта чакаць, што яны будуць палітычна сябраваць, бо пераследуюць аднолькавыя мэты - як мага даўжэй заставацца ва ўладзе, - пракаментаваў сайту charter97.org вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Расеі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Пры гэтым, на думку Шушкевіча, «Расея відавочна не будзе падтрымліваць Лукашэнку ў канфлікце з Захадам».

«Пуцін не можа выглядаць неінтэлігентным, але яму ёсць, каму гэта даручыць - напрыклад, Мядзведзеву, а той ужо пацвердзіў, што меркаванне пра Лукашэнку ён можа імгненна змяніць на супрацьлеглае», - упэўнены палітык.

Станіслаў Шушкевіч лічыць, што сёння Расея робіць усё, каб анэксаваць Беларусь.

«Напярэдадні Дня Волі я хацеў бы нагадаць, што ў Беларусі няма разумення таго, што нашая краіна стала незалежнай дэ-юрэ, дзякуючы таму, што была Беларуская Народная Рэспубліка. Інакш ў 1918 годзе была ўтворана не БССР, а 5 або 7 заходніх абласцей былі б далучаны да Расейскай Федэрацыі. БНР была заснаваная нават насуперак нямецкай акупацыі. Я думаю, што ў нас ёсць выдатны прыклад, што трэба рабіць, каб краіна засталася незалежнай».

Расея атрымае свае выгады з канфлікту Лукашэнкі з Захадам, але беларускаму дыктатару гэта не дапаможа, упэўнены першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

«Захад мусіць быць паслядоўным. У мяне склалася меркаванне, што прэм'ер-міністр Швецыі дарэмна гэтак клапоціцца пра ўсіх грамадзянаў ЕЗ, якія знаходзяцца ў Беларусі. Амбасады ў тым выглядзе, у якім засталіся, здольныя іх абараніць.

Што тычыцца астатніх асцярог - сысці ў Расею Лукашэнка яшчэ далей не можа. Ён ужо ўсё здаў. У нас ёсць расейскія СПА, расейскія візы, і ён выжывае на расейскія грошы. Так што бяда ў самім Лукашэнку».

Апошнія навіны