Вайна з Украінай адкладаецца
- 5.03.2012, 13:50
Беларусь не ўводзіць абмежаванні на ўвоз украінскай прадукцыі.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.
«У сувязі са з'яўленнем у сродках масавай інфармацыі паведамленняў аб увядзенні з 15:00 гадзін 5 сакавіка 2012 года беларускім бокам зваротнай забароны на імпарт украінскай прадукцыі, дэпартамент інфармуе, што паміж украінскім і беларускім бакамі наладжаны канструктыўны дыялог, праводзіцца абмен інфармацыяй, і ў працоўным парадку аператыўна разглядаюцца пытанні, якія выклікалі падазрэнні ў Дзяржветфітаслужбы Украіны», - заявілі ў дэпартаменце ветхарчнагляда Мінсельгасхарча.
Там, падкрэслілі, што «беларускі бок мае намер знайсці паразуменне з украінскім бокам без ўвядзення у адказ абмежавальных мер».
Раней паведамлялася са спасылкай на прэс-службу Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны, што беларускі бок заявіў аб магчымым увядзенні забароны на ўвоз прадукцыі ўкраінскай вытворчасці ў бліжэйшы час. Размова, у прыватнасці, ішла аб украінскім сланечнікавым алеі, солі, кукурузе, кандытарскіх вырабах і шротах.
Дзяржветфітаслужба Украіны з 1 сакавіка 2012 года часова прыпыніла ўвоз на тэрыторыю Украіны малака і малочных прадуктаў з Беларусі, а таксама жывёл, адчувальных да АЧС, прадукцыі і сыравіны з іх.