Аб крэдыце МВФ можна забыцца
- 5.03.2012, 16:38
Прадастаўленне Беларусі новага крэдыту залежыць ад гатовасці уладаў да рэформаў і пазіцыі краін-сябраў фонду.
Пра гэта заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс.
«Для перамоваў аб крэдыце патрэбная згода ўсіх прадстаўнікоў уладных структур, у тым ліку - на самым высокім узроўні. Неабходная таксама упэўненасць, што новая праграма будзе падтрыманая ўсімі краінамі-сябрамі МВФ», - паведаміў журналістам К.Джарвіс ў панядзелак у Менску, перадае «Інтэрфакс-Захад».
МВФ таксама скептычна ацэньвае перспектывы ўвядзення расейскага рубля на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
«Падчас гэтай місіі мы не абмяркоўвалі гэтае пытанне (па ўвядзенні рас.руб. - ІФ). Па-мойму, гэта сведчанне таго, што гэтае пытанне не стаіць на парадку дня», - заявіў Джарвіс.
«Уваходжанне ў валютны саюз - вельмі вялікае пытанне, калі б яно абдумвалася, спатрэбіўся б вельмі значны аб'ём папярэдняй працы», - растлумачыў ён.
«Па досведзе Еўразвяза і Грэцыі можна бачыць, якія праблемы ўзнікаюць у выпадку прыняцця непрадуманых рашэнняў», - падкрэсліў К.Джарвіс.
Наступная поўнамаштабная місія МВФ можа адбыцца ў кастрычніку 2012 года. «Аднак мы можам прыехаць і раней, бо маем намер падтрымліваць інтэнсіўны кантакт з беларускімі ўладамі», - адзначыў Крыс Джарвіс. У ходзе працы наступнай місіі плануецца абмеркаваць бюджэт Беларусі на 2013 год.
Ён паведаміў, што місія МВФ мае намер наведваць Беларусь не радзей чым раз на шэсць месяцаў.