BE RU EN

Дыктатар Зімбабвэ знаходзіцца пры смерці

  • 10.04.2012, 10:58

Кіраўнік Зімбабвэ Роберт Мугабэ цяжка хворы і змагаецца за жыццё ў сінгапурскай лякарні.

Р.Мугабе, якому нядаўна споўнілася 88 гадоў, як мяркуецца, хварэе на рак прастаты і за апошнія гады праходзіў некалькі курсаў лячэння ў Азіі, паведамляе брытанская газета «Дэйлі мэйл».

Аднак зараз ягоны стан пагоршыўся, і, па інфармацыі выдання, яшчэ ў суботу ён быў дастаўлены ў лякарню ў Сінгапуры. Газета адзначае, што кіраўнік ужо пагадзіўся перадаць свае паўнамоцтвы міністру абароны краіны Эмерсану Мнангагве.

«Дэйлі мэйл» паведамляе, што, мяркуючы па апублікаваных Wikileaks дакументах, Р.Мугабе дыягнаставалі рак прастаты ў 2008 годзе. Тады лекары заяўлялі, што жыць яму засталося каля пяці гадоў.

Як паведамлялася, у канцы лютага кіраўнік Зімбабвэ заклікаў свой народ не звяртаць увагі на чуткі пра тое, што ён нібыта цяжка хворы. Тады Р.Мугабе заявіў, што ў 2012 годзе збіраецца змагацца за перавыбранне на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Газета адзначае, што кіраўнік Зімбабвэ лічыцца адным з галоўных парушальнікаў правоў чалавека ў свеце. Яго абвінавацілі ў забойстве тысяч уласных грамадзянаў і ў жорсткім падаўленні апазіцыі.

Апошнія навіны