Лукашэнка не аддасць целы расстраляных
- 11.04.2012, 17:15
Любоў Кавалёва, маці пакаранага за тэракт, звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі, каб ёй аддалі цела расстралянага сына.
І атрымала адказ: маўляў, у кампетэнцыю прэзідэнцкай адміністрацыі вырашэнне такіх пытанняў не ўваходзіць.
У маці расстралянага адказ выклікаў абурэнне:
«Як аддаваць загад на расстрэл, дык на гэта ёсць кампэтэнцыя! А як аддаць мне сына, дык на гэта — няма? Я звярталася да Лукашэнкі, бо расстралялі, дакладней сказаць, забілі невінаватых! Віна хлопцаў не даказаная судом! Я прасіла, каб мне далі хаця б пахаваць сына па-людзку... Атрымліваецца, яны амаль год здзекаваліся з хлопцаў, а цяпер працягваюць здзекавацца з мяне — з маці!», - сказала Любоў Кавалёва ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».
30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў жыхароў Віцебску Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава вінаватымі ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2010 года. Кавалёў свае віны не прызнаў, і 7 снежня падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. 14 сакавіка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Уладзіслава Кавалёва і другога фігуранта справы пра выбух у менскім метро Дзмітрыя Канавалава расстралялі 15 сакавіка. Міжнародная супольнасць асудзіла выкананне смяротнага пакарання.
Любоў Кавалёва кажа, што з такой самай просьбай — аддаць цела расстралянага сына — звярталася ў Вярхоўны суд. Прайшло тры тыдні, але адказу няма. Затое прыйшлі лісты з Менскай гарадзкой пракуратуры і з Дэпартамэнту выканання пакаранняў, куды сваякі Уладзіслава Кавалёва і не пісалі.
У гэтых лістах тлумачыцца, што смяротнае пакаранне здзяйсняецца праз расстрэл, і што целы расстраляных сваякам не выдаюцца, а месца пахавання застаецца ў сакрэце.
У адказе з прэзідэнцкай адміністрацыі — таксама спасылка на частку 5 артыкулу 175 Крымінальна-выканаўчага Кодэксу РБ, дзе гаворыцца, што пра месца апошняга спачыну расстраляных іхным родным не паведамляюць.