Дарадца прэзідэнта Польшчы падтрымаў Каваленку
- 13.04.2012, 15:14
Дарадца прэзідэнта Польшчы Генрык Вуец, адзін з самых вядомых дзеячаў «Салідарнасці», асудзіў змяшчэнне Сяргея Каваленкі ў псіхіятрычную лякарню.
Таксама ён паабяцаў нагадаць прэзідэнту Польшчы Браніславу Камароўскаму пра гэтае чарговае злачынства рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якое з'яўляецца вяртаннем у савецкія часы, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Магу сказаць, што гэта недапушчальныя метады. Я лічу, што такія метады трэба асуджаць, гэта недапушчальна, гэта парушае ўсе нормы абароны правоў чалавека. Гэта тыповыя палітычныя рэпрэсіі, якія не маюць ніякіх падставаў. Гэта прыклад дыктатарскіх метадаў, якія выкарыстоўвае Лукашэнка», - сказаў Генрык Вуец.
Будучы адным з самых вядомых дзеячаў «Салідарнасці», Вуец таксама быў рэпрэсаваны і праводзіў галадоўку пратэсту супраць зняволення і жорсткага абыходжання з іншымі апазіцыйнымі дзеячамі.