Павел Севярынец пасля 19 красавіка можа выйсці па УДВ
- 16.04.2012, 10:59
Палітвязень Павел Севярынец лічыць, што ў Лукашэнкі не засталося варыянтаў вырашэння праблем і варта перадаваць уладу часоваму ўраду.
19 красавіка надыходзіць тэрмін УДВ (умоўна-датэрміновага вызвалення) ў Паўла Севярынца, але зрухаў, якія сведчылі б пра магчымасць вызвалення, ён вакол сябе не заўважае. Палітык лічыць, што «будзе паўза пасля першых двух вызваленняў». «Але вельмі хацелася б, каб на волі апынуліся Зміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Алесь Бяляцкі, якім нашмат горш, чым мне», - заявіў Павал Севярынец, каментуючы «Беларускаму партызану» вызваленне Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі.
- Пасля вызвалення Саннікава і Бандарэнкі гэты працэс пойдзе далей ці застапарыцца?
- Думаю, гэта першая частка марлезонскага балета, як казалі ў старым савецкім фільме. Адначасова - гэта першы крок у гандлі з Еўропай. Дзякуй богу, што ў гэты светлы дзень, дзень Уваскрэсення Хрыстова, на волю выйшлі Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка. Для іхніх сэрцаў, для іхніх сем'яў - гэта вельмі добры і светлы знак.
- Чаму Вы ўпэўненыя, што палітычныя зняволеныя і надалей будуць выходзіць на волю?
- Каментарыі еўрапейскіх лідараў, зробленыя пасля вызвалення Саннікава і Бандарэнкі, паказваюць на тое, што Еўропа працягне гандаль. Выказванні еўрапейцаў маюць на ўвазе нейкую перспектыву: станоўча ацэньваецца выпуск двух палітвязняў, даюцца нейкія часовыя меж для працягу працэсу, распрацоўваюцца планы мадэрнізацыі для Беларусі. Гэта сведчыць за тое, што Еўропа досыць грунтоўна падышла да гэтага перамоўнага працэсу - назавем яго так. Хоць на самой справе - гэта гандаль.
Вельмі многае зараз залежыць ад Еўропы.
- Што Вы маеце на ўвазе?
- Еўрапейцы могуць вярнуць ўсіх амбасадараў у Менск і доўгія месяцы, а то і гады, весці перамовы па вызваленні астатніх палітвязняў. А могуць праявіць прынцыповасць і патрабаваць вызвалення ўсіх 18 палітвязняў (не шасці палітвязняў, якія згадваюцца ў рэзалюцыі Еўрапарламента, а ўсіх 18 палітычных зняволеных). І да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе 18 палітвязняў, не весці ніякага дыялогу з рэжымам.
Ці гатовы ісці на вызваленне ўсіх палітвязняў Лукашэнка? Ці падтрымліваеце Вы перакананне, што Лукашэнку няма куды дзявацца?
- Выбар ёсць заўсёды. На жаль, Лукашэнка вельмі спазніўся з гэтым крокам. Страчаны «Белтрансгаз», страчаная частка незалежнасці. Пакуль Лукашэнка вырашаў, выпускаць ці не выпускаць палітвязняў, Расея паглынула частку беларускай незалежнасці. І чым далей - тым будзе горш.
Лукашэнку трэба неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і перадаваць уладу часоваму ўраду. Гэта лепшы выбар для самога Лукашэнкі ў цяперашняй сітуацыі. Бо гэта - выбар беларускага народа. БХД неаднаразова заяўляла і заяўляе, што гатовая да мірнай перадачы ўлады.
- Павел, а Вы вакол сябе не адчуваеце якіх-небудзь рухаў, якія сведчылі б аб магчымым хуткім вызваленні?
- Рухаў вакол сябе не заўважаю. Праз чатыры дні, 19 красавіка, надыходзіць тэрмін ўмоўна-датэрміновага вызвалення, аднак ніякіх рухаў вакол сябе не заўважаю.
Думаю, будзе паўза пасля першых двух вызваленняў. Але вельмі хацелася б, каб на волі апынуліся Зміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Алесь Бяляцкі, якім нашмат горш, чым мне.