Брата Бакіева будзе шукаць Інтэрпол
- 16.04.2012, 13:58
Зараз Жаныш Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Кыргызстана Бактыбек Алымбекаў паведаміў аб тым, што брат Курманбека Бакіева Жаныш абвешчаны ў вышук Інтэрполам сёння на паседжанні шэрагу парламенцкіх камітэтаў, дзе абмяркоўваецца інфармацыя аб расследаванні падзей красавіка-чэрвеня 2010 года, піша партал KNews.
Ён распавёў, што Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала і адправіла ў штаб-кватэру Інтэрпола матэрыялы і арыентоўку на экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, ягонага брата Жаныша, сыноў Марата і Максіма. Яны праходзяць падазраванымі па трагічных падзеях красавіка 2010 года.
Таксама былі адпраўленыя арыентоўкі на лідараў узбекскай дыяспары Кадыржана Батырава, Жалалідзіна Салахутдзінава, Карамата Абдулаева, Інамжана Абдрасулава, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі міжэтнічнага канфлікту ў чэрвені 2010 года.
«Аднак Інтэрпол выдаў «чырвоны цыркуляр» (вышуковы бланк - заўв. рэд.) толькі на двух людзей: Жаныша Бакіева і Жалалідзіна Салахутдзінава. Па астатніх запытах нам было адмоўлена з-за недахопу прававой базы і падставаў для абвяшчэння ў вышук», - паведаміў Бактыбек Алымбекаў.
Ён дадаў, што, нягледзячы на гэта, Міністэрства ўнутраных спраў самастойна праводзіць следчыя мерапрыемствы для затрымання астатніх абвінавачаных.
Нагадаем, Жаныш і Курманбек Бакіевы знаходзяцца ў Беларусі пад заступніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, які адмаўляецца выдаваць іх Кыргызстану.