Петрас Эфціміу: Неабходнае вызваленне ўсіх палітвязняў
- 17.04.2012, 16:10
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Петрас Эфціміу прывітаў вызваленне Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі.
«Мы радыя вызваленню Андрэя Саннікава, якое стала вялікай палёгкай для ягонай сям'і, сяброў і калегаў. Тым не менш, мы па-ранейшаму занепакоеныя несправядлівымі абвінавачваннямі і прысудамі ў дачыненні да яго і іншых прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Мы заклікаем да вызвалення ўсіх палітвязняў, уключна з былым кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам і вядомым праваабаронцам Алесем Бяляцкім, без папярэдніх умоваў і ліквідацыі ўсіх абмежаванняў на грамадзянскія і палітычныя правы апанентаў улады ў Беларусі», - сказаў Петрас Эфціміу.
Парламенцкая асамблея АБСЕ часта абмяркоўвала сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку на сесіі, якая праходзіла ў 2011 годзе, калі была прынятая рэзалюцыя з заклікам да дэмакратычных рэформ, у тым ліку, да вызвалення палітычных зняволеных, гаворыцца ў прэс-рэлізе, размешчаным на афіцыйным сайце арганізацыі (пераклад - charter97.org).
Сястра Андрэя Саннікава Ірына Багданава, выступіла з дакладам на зімовай сесіі ПА АБСЕ 23 лютага і распавяла пра становішча свайго брата.