BE RU EN

Эштан: Вызваленне палітвязняў паказвае сілу ЕЗ

  • 18.04.2012, 8:34

Вызваленне Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі «паказвае сілу ЕЗ».

Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан заявіла еўрапарламентарыям ў Люксембургу 17 красавіка, перадае БелаПАН.

«Я задаволеная, што ў Беларусі Саннікаў і Бандарэнка вызваленыя з турмы. Мы падтрымліваем сувязь, і я насамрэч спадзяюся, што, магчыма, у Беларусі ў нас ёсць шанец», - сказала Эштан на паседжанні, якое транслявалася ў прамым эфіры сайтам Еўрапарламента.

Па словах дыпламата, гэтае вызваленне паказвае, чаму для ЕЗ гэтак важна захоўваць адзінства.

Саннікаў і Бандарэнка былі арыштаваныя пасля гвалтоўнага разгону апазіцыйнай акцыі пратэсту ў Менску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Дамагаючыся вызвалення і рэабілітацыі іх і іншых апанентаў улады, ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да сотняў прадстаўнікоў беларускай дзяржавы і дзясяткаў беларускіх кампаній.

5 красавіка на нарадзе па знешняй палітыцы Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшы час разгледзіць пытанне аб памілаванні некаторых асуджаных апазіцыйных палітыкаў. Саннікаў і Бандарэнка былі вызваленыя на мінулым тыдні.

Па дадзеных беларускіх праваабаронцаў, у месцах пазбаўлення волі застаецца яшчэ 13 палітвязняў.

Апошнія навіны