BE RU EN

Моладзевыя лідары абвясцілі «Ігнор-2012»

  • 19.04.2012, 14:56

Лідары асноўных моладзевых рухаў абвясцілі аб кампаніі «Ігнор-2012».

У прэс-канферэнцыі, якая прайшла сёння ў памяшканні Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), прынялі ўдзел лідар моладзевага крыла «Еўрапейскай Беларусі» Сяргей Казакоў, адзін з лідараў «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка, лідар ініцыятывы «Zмена» Павел Вінаградаў, лідарка моладзевага крыла БХД Марына Хоміч, старшыня «Маладых дэмакратаў» (моладзевае крыло АГП) Алег Корбан, старшыня «Маладой Грамады» Юлія Міцкевіч, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«Сёння мы бачым сітуацыю, што ў палітыкаў не атрымліваецца выпрацаваць адзінае рашэнне, мы вырашылі сфарміраваць адзіную пазіцыю, адзіную платформу моладзевых арганізацый. Мы сабраліся каб высветліць пазіцыі адзін аднаго, і сталася так, што вельмі лёгка дамовіліся аб тым, што ўсе моладзевыя арганізацыі гатовыя да байкоту выбарчага фарсу. Дзейнічаць вырашылі разам у кампаніі «Ігнор-2012». Мы думаем, што гэта адказвае асноўным моладзевым чаканням, настрою моладзі ў сувязі з будучай кампаніяй. У межах кампаніі будуць праходзіць розныя акцыі, у тым ліку сатырычнай скіраванасці.

Умовы ўдзелу ў парламенцкай кампаніі вядомыя даўно, і тут няма нічога фантастычнага: гэта вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў. Патрэбная таксама сур'ёзная лібералізацыя заканадаўства, змена складу ЦВК», - сказаў Мікола Дземідзенка.

Былы палітвязень Сяргей Казакоў заявіў, што ўдзел у парламенцкай кампаніі не толькі амаральны, але і неразумна.

«Нашая кампанія, як і нашая прэс-канферэнцыя - гэта паказчык адзінства моладзі, нашага даверу адно аднаму. Калі ў працэсе выпрацоўкі адзінай пазіцыі і ўзнікалі складанасці, то яны былі выключна тэхнічнага характару. Сёння шмат гаворыцца аб розных варыянтах ўдзелу ці няўдзелу. Але трэба разумець, што сёння, ва ўмовах дыктатуры байкот гэта не толькі маральная, але і практычная пазіцыя. Нельга ўдзельнічаць у выбарах, калі ключавыя палітыкі сядзяць у турмах ці абмежаваныя ў правах. Гэта, калі хочаце, тое ж самае, што выходзіць на баксёрскі рынг са звязанымі рукамі», - сказаў лідар моладзевага крыла «Еўрапейскай Беларусі» Сяргей Казакоў.

Былы палітвязень сказаў таксама аб неабходнасці перагляду пытання правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў 2014-м годзе.

«У межах кампаніі «Ігнор-2012» мы зможам уздзейнічаць не толькі на палітыкаў і на рэжым, але і на міжнародныя структуры. І не толькі ў сувязі з «выбарамі». Як вы ведаеце, учора стала вядомая дата разгляду пытання аб пераносе Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года з Беларусі. Мы нічога не маем супраць хакея, але правядзенне чэмпіянату ва ўмовах дыктатуры - гэта арышты актывістаў, незалежных журналістаў, зачыстка палітычнага поля. Гэты чэмпіянат заслужыла Беларусь, але не Лукашэнка. Нават праціўнікі пераносу хакейнага чэмпіянату сёння прызнаюць, што ён будзе выкарыстаны рэжымам у палітычных мэтах», - заявіў Казакоў.

Таксама Сяргей Казакоў падзякаваў Беларускаму прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) за прадастаўленае памяшканне для прэс-канферэнцыі.

Яшчэ адзін былы палітвязень, лідар «Zмены» Павел Вінаградаў падкрэсліў, што кампанія «Ігнор-2012» арыентаваная на моладзь і будзе насіць шмат у чым сатырычны характар.

«Актывісты «Zмены» перакананыя, што выбараў у Беларусі не было з 1994 года, няма іх і сёння. Для моладзі такія «выбары» - гэта нешта кшталту «Славянскага базару». Мы плануем жорстка «пасцябацца» з будучых падзей. Мы не збіраемся кідацца экскрыментамі ў тых, хто не за байкот, калі гэта робіцца з пэўнай мэтай. Нам зразумелая матывацыя людзей, якія кажуць, што «парламенцкая» кампанія гэта магчымасць данесці пазіцыю, пайсці ў народ, заклікаць да байкоту, наладзіць працу партыйных структур... Мы не супраць, калі гэта будзе зроблена ўзгоднена і ў межах агульнага плана», - сказаў Павел Вінаградаў.

Вінаградаў таксама сказаў, што «Zмена» прыняла рашэнне аб падтрымцы байкоту, нягледзячы на тое, што «дарослае» крыло кампаніі «Гавары праўду» выступае за ўдзел у «выбарах». Але, па ягоных словах, канфліктаў у сувязі з гэтым не ўзнікла.

«Для нас, моладзевых арганізацый, вельмі важна, што ў адрозненне ад палітыкаў, якія не могуць ні пра што дамовіцца, мы сабраліся разам і вельмі хутка дамовіліся аб тым, што мы будзем рабіць падчас парламенцкай кампаніі, выпрацаваць агульную пазіцыю. У кожнага суб'екта кампаніі, вядома, будзе і свая дзейнасць, але ў межах гэтай кампаніі мы будзем дзейнічаць разам. Сябры нашай арганізацыі, напрыклад, абавязкова будуць заяўляцца назіральнікамі ў камісіі, каб фіксаваць парушэнні, але нават самастойныя дзеянні арганізацыі таксама будуць ажыццяўляцца ў межах агульнай стратэгіі», - сказала старшыня «Маладой Грамады» Юлія Міцкевіч.

Старшыня моладзевага крыла АГП сказаў, што ягоная арганізацыя будзе выкарыстоўваць магчымасці «парламенцкай» кампаніі, але толькі дзеля таго, каб заклікаць да байкоту.

«Маладыя дэмакраты» будуць прытрымлівацца стратэгіі партыі. Для нас важна, каб удзел у кампаніі быў менавіта ў фармаце спікераў, а не ў фармаце улады. Мы не хочам удзельнічаць у сцэнары ўлады, быць блазнамі ў гэтым цырку. Таму мы выкарыстоўваем магчымасці кампаніі, каб заклікаць грамадзянаў не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе, пасля чаго кандыдаты абавязкова павінныя быць знятыя. І мы прымем самы актыўны ўдзел у кампаніі «Ігнор-2012». Будзем ладзіць пікеты, флэш-мобы, нейкія гульнявыя акцыі. Мне вельмі спадабалася акцыя, якая прайшла на Філіпінах - масавыя «ўцёкі ад зомбі». Гэта вельмі падобна да таго, што сёння адчувае нашая моладзь, уцякаючы ад рэктараў, выкладчыкаў і іншых начальнікаў, якія цягнуць іх на выбары», - падзяліўся планамі Алег Корбан.

Лідарка моладзі «БХД» Марына Хоміч лічыць, што маральная і салідарная пазіцыя моладзі павінная быць прыкладам для ўсіх палітыкаў.

«Мы аб'ядналіся дзеля таго, каб усіх заклікаць ісці адзіным маральным і разумным шляхам. Заклікаем народ і палітыкаў не быць быдлам, якое гоняць на выбары. Мы заклікаем сказаць «Не!» гэтаму рэжыму шляхам ігнору, шляхам супраціву. Толькі так мы абавязкова пераможам», - заявіла Марына Хоміч.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі паведамілі, што актывісты «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» таксама цалкам падтрымалі кампанію «Ігнор-2012», але іх прадстаўнік не змог прыняць удзел у прэс-канферэнцыі па тэхнічных прычынах. Акрамя таго, яны заклікалі іншыя моладзевыя групы і проста маладых людзей далучацца да кампаніі.

Апошнія навіны