Сяргея Каваленку праз зонд кормяць дзіцячай сумессю
- 2.04.2012, 14:00
«Шэсць разоў на дзень яго кормяць сумессю «Беллакт», паведаміў лекар.
Пачалі так карміць яшчэ ўчора, у нядзелю.
Таксама працягваюць ставіць кропельніцы. Па словах лекара, ягоны стан «больш-менш». Тэмпература зніжаная, ціск нібыта нармальны. Але сам Сяргей есці, па-ранейшаму, адмаўляецца. Думаю, калі б яго паклалі ў грамадзянскую лякарню, ён бы і сам пагадзіўся выходзіць з галадоўкі, а турэмным лекарам ён не давярае. Нас да Сяргея не дапускаюць», - паведаміла «Радыё Свабода» Алена Каваленка.
«Беллакт» - малочная сумесь для кармлення немаўлят.
31 сакавіка жонка Сяргея Каваленкі паведаміла СМІ, што стан мужа медыкі вызначылі як цяжкі. Тады Алена Каваленка не выключыла, што мужа ў калоніі могуць пачаць карміць прымусова, але без нагляду грамадзянскіх лекараў.
Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і 1 месяц за парушэнне адбыцця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Пратэстуючы супраць пераследу, зняволены абвясціў галадоўку, якую з перапынкам у 20 дзён праводзіць з сярэдзіны снежня.