Леанід Злотнікаў: У бюджэце няма грошай на павышэнне заробкаў
- 26.04.2012, 14:19
Чыноўнікі абяцаюць бюджэтнікам сур'ёзнае павышэнне заробкаў.
Па інфармацыі незалежных эканамістаў, гэта можа дорага каштаваць усёй беларускай эканоміцы.
1 мая зарплаты бюджэтнікаў ўзрастуць на 20%, а тарыфная стаўка першага разраду павысіцца на 5%. «Гэта вельмі дзіўна, бо, па апошніх афіцыйных дадзеных, у першыя два месяцы года бюджэт выкананы з дэфіцытам, гэта значыць у бюджэце грошай няма», - заявіў эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».
Тым часам, паводле ранейшых прагнозаў Міністэрства эканомікі, да канца 2012 сярэднямесячны заробак складзе крыху больш за 4 млн руб. Такія параметры закладзеныя ў разліковыя паказчыкі сацыяльнай палітыкі, зацверджаныя пастановай Мінэканомікі № 14 ад 15 лютага 2012 «Аб разліковых балансавых паказчыках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2012 год». Паводле прагнозу, у 2012 годзе намінальны заробак вырасце на 71,4-72% і складзе 3,216-3,227 млн руб.
На думку эксперта, гэта «рызыкоўная сітуацыя».
«У гэтым годзе ў дзяржавы не хапае грошай на тое, каб разлічыцца са знешнімі пазыкамі. Па маіх разліках, каля 3 млрд даляраў павінныя невядома адкуль з'явіцца, каб мы разлічыліся са знешнімі пазыкамі. У гэтай сітуацыі павышэнне заробкаў не можа быць забяспечанае ні ростам ВУП, ні прытокам валюты. Сітуацыя можа быць падобная да той, што была ў мінулым годзе: дэвальвацыя і інфляцыя», - падкрэслівае Леанід Злотнікаў.