BE RU EN

Удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» збілі і кінулі ў турму

  • 27.04.2012, 14:54

Моцна збітага міліцыяй маладафронтаўца з суда павезла «хуткая».

У Менску судзяць удзельнікаў учорашняй акцыі з нагоды гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, піша ПЦ «Вясна».

У судзе Савецкага раёна Менска праходзяць суды над трыма актывістамі «Маладога фронту» - Мікалаем Дземідзенкам, Міхаілам Мускім і Раманам Васільевым. Іх затрымалі 26 красавіка пасля завяршэння Чарнобыльскага шляху. Мускага і Васільева абвінавачваюць у дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП РБ). Ноч маладафронтаўцы правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Мікалай Дземідзенка, які на акцыі «Чарнобыльскі шлях» разгарнуў плакат «Саша, ты дурань?», намякаючы на Лукашэнку, прысуджаны да 15 сутак арышту. Да такога ж тэрміну арышту былі асуджаныя і Міхаіл Мускі з Раманам Васільевым.

Падчас судовага паседжання хуткая дапамога везла Рамана Васільева ў 9-ю менскую лякарню. Раней Міхаіл Мускі сказаў, што ў міліцыі іх моцна збілі.

У гэтым жа судзе асудзілі і дваіх іншых удзельнікаў акцыі - Аляксея Чурылава і Зміцера Шаўлюкевіча. Маладых людзей прысудзілі да арышту ў 10 і 15 сутак адпаведна, іх абвінавацілі ў «бруднай лаянцы».

Каля будынка суда Савецкага раёна Менска былі таксама затрыманыя два актывісты «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак і Зміцер Крамянецкі.

Затрыманыя прыйшлі падтрымаць сваіх таварышаў - Мікалая Дземідзенку, Міхаіла Мускага і Рамана Васільева, якіх судзяць сёння за ўдзел у акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка. «Супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх перад будынкам суду, завялі ўнутр, а іншых туды не дапусцілі, матывуючы гэта тым, што цяпер у судзе над удзельнікамі акцыі абвешчаны перапынак», - сказаў Сыс.

Фота «Радыё Свабода»

Апошнія навіны