БДУІР запрашае на працу кандыдатаў навук за 140 даляраў
- 28.04.2012, 15:44
Ваенны факультэт БДУІР абвясціў конкурс на замяшчэнне вакантнай воiнскай пасады выкладчыка кафедры сувязі.
Штатна-службовая катэгорыя - падпалкоўнік, 27-я група службовага акладу, службовы аклад - 1 120 000 рублёў, паведамляе «Беларуская ваенная газета».
У конкурсе могуць прыняць удзел асобы, якiя маюць навуковую ступень кандыдата ваенных навук, навуковае званне дацэнта, навуковую спецыяльнасць «тактыка агульная, па відах Узброеных Сіл, родах войскаў і спецыяльных войскаў (у тым ліку кіраванне і ўсе віды забеспячэння бою)».
Кандыдат павінен мець вышэйшую адукацыю і стаж працы - не меншы за пяць гадоў.
У парадку выключэння да конкурсу могуць дапускацца прэтэндэнты, якія не маюць навуковых ступеняў і званняў, досведу выкладчыцкай або навукова-даследчай працы, але якія маюць выслугу не менш за пяць гадоў на кіруючых пасадах па адпаведнай спецыяльнасці.