Паўлу Вінаградаву могуць усталяваць прэвентыўны нагляд
- 3.04.2012, 13:39
6 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Менска адбудзецца судовае паседжанне па ўзмацненні нагляду для былога палітвязня Паўла Вінаградава.
Падставамi для гэтага лічацца неаднаразовыя парушэнні Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях з моманту яго вызвалення 14 верасня 2011 года, піша ПЦ «Вясна».
Толькі за апошні час яго некалькі разоў затрымлівалі нібыта за брыдкаслоўе і прыгаворвалі да адміністрацыйных арыштаў. У гэтым годзе, напрыклад, ён адбыў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна 25 сутак.
Павел Вінаградаў у адпаведнасці з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Беларусі будзе абавязаны: з'яўляцца па выкліках у органы ўнутраных спраў і даваць тлумачэнні па пытаннях выканання патрабаванняў прэвентыўнага нагляду; папярэджваць орган унутраных спраў аб змене месца працы і жыхарства; выязджаць за межы раёна (горада) толькі са згоды органа ўнутраных спраў.
Прэвентыўны нагляд прадугледжвае таксама абмежаванні па часе знаходжання за межамі жылля, а таксама забарону на наведванне пэўных масавых мерапрыемстваў і іншыя абмежаванні.
Справу будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Мотыль.
Нагадаем, што 15 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Менска прайшло судовае паседжанне, па выніках якога быў усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год за былым палітвязнем Уладзімірам Яроменкам.