«Дзе заробак у 500$?» (Фота)
- 5.04.2012, 16:55
На Камароўскім рынку Менска маладыя дэмакраты АГП зладзілі незвычайны перфоманс.
Яны вырашылі нагадаць беларусам пра абяцаны Аляксандрам Лукашэнкам заробак ў 500 даляраў.
Пры гэтым моладзевыя актывісты вырашылі пайсці яшчэ далей. Яны раздавалі мінакам паперкі, якія імітуюць купюру вартасцю ў 500 еўра, тым самым жадаючы паказаць, што толькі пры ўмовах дэмакратычнага развіцця дзяржавы падобныя заробкі стануць магчымымі. У пазбяганне праблем з законам, на кожнай «купюры» значылася: «Не з'яўляецца плацежным сродкам», піша «Салідарнасць».
Актывісты таксама разгарнулі плакат: «Дзе заробак у 500 даляраў?» Акрамя гэтага, яны раздавалі інфармацыйныя матэрыялы і прапаноўвалі напісаць ліст у Адміністрацыю Лукашэнкі з пытаннем аб абяцаным заробку.
Акцыя на рынку доўжылася не больш за пяць хвілін. Неўзабаве да актывістаў падышоў начальнік аховы рынку, адабраў плакат і папрасіў выйсці за браму. Патруль міліцыі, які прыбыў на месца, удзельнікаў акцыі чапаць не стаў, затое праверыў дакументы ў журналістаў.
У гэты час удзельнікі перфомансу перайшлі ў раён ГЦ «Імпульс» каля плошчы Якуба Коласа, дзе працягнулі акцыю.
Мінакі ў асноўным пазітыўна рэагавалі на акцыю і ахвотна разбіралі «купюры». Некаторыя нават вярталіся за новымі «еўра».