Алесю Бяляцкаму далі спатканне з жонкай і сястрой
- 6.04.2012, 11:17
Жонка палітвязня Алеся Бяляцкага Наталля і сястра Вольга прывезлі ў Бабруйскую калонію № 1 для яго перадачу на 30 кілаграмаў.
Частку прадуктаў адмовіліся прымаць, у прыватнасці кансервы, перадае «Радыё Свабода».
Тым часам начальнік калоніі даў дазвол Наталлі і Вользе на кароткачасовае спатканне з Алесем Бяляцкім.
Сёння яны ўбачаць Алеся ўпершыню ў гэтай калоніі. Бяляцкі знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі з канца лютага.
24 студзеня Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 гады турмы. Прысуд Бяляцкаму пакінулі без зменаў.
Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоны рахунак, ішлі на праваабарончую дзейнасць.
Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны Еўразвяза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязням, а прысуд яму - палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронца.