BE RU EN

Лукашэнка даручыў Нацбанку супакоіць людзей

  • 11.05.2012, 14:41

Лукашэнка запатрабаваў ад Нацыянальнага банка і ўрада прыняць актыўныя меры па зніжэнні ўзроўню інфляцыі.

Адпаведная задача была пастаўленая старшыні праўлення банка Надзеі Ермаковай, паведамляе БелТА.

«Усё, што вы мне скажаце пра курс рубля, уклады, працу эканомікі, я ў агульных рысах ведаю. Сітуацыя складваецца нядрэнна. Думаю, што час Нацыянальнаму банку перш за ўсё, ураду пераходзіць да пытанняў інфляцыі. Час ужо супакоіць людзей», - сказаў Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік, у цяперашні час няма падстаў для росту інфляцыі, у знешнім гандлі складваецца станоўчае сальда. «Мы ў прынцыпе вырашаем тыя балючыя пытанні, якія не маглі вырашыць гадамі, а то і дзесяцігоддзямі. Зараз сітуацыя выраўнавалася. Яшчэ раз падкрэсліваю: прыбыткі насельніцтва будуць расці. Гэта адназначна. Трэба думаць, што рабіць з інфляцыяй і як з ёй змагацца», - даручыў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы, што ў Беларусі інфляцыя кантралюемая і адбывалася ў тым ліку за кошт штучнага выраўноўвання коштаў з суседнімі краінамі на спажывецкія тавары.

Надзея Ермакова паведаміла аб сітуацыі на валютным рынку, фарміраванні золатавалютных рэзерваў, крэдытаванні эканомікі. «Меры, што прымаюцца Нацбанкам у сферы грашова-крэдытнай, працэнтнай палітыкі, валютнага курсу, спрыялі стрымліванню інфляцыі», - адзначыла яна.

Лукашэнка таксама паставіў перад банкаўскай сістэмай задачу звярнуць дадатковую ўвагу на крэдытаванне эфектыўных інвестыцыйных праектаў, будаўніцтва жылля для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

Акрамя таго, дадзеныя даручэнні па падтрыманні і павелічэнні золатавалютных рэзерваў. У цяперашні час яны складаюць $8 млрд. Паводле Надзеі Ермаковай, як суб'екты гаспадарання, так і насельніцтва актыўна прадаюць валюту, стабілізаваўся курс беларускага рубля.

Нацбанк і ў далейшым мае намер праводзіць жорсткую манетарную палітыку і прымаць меры па зніжэнні інфляцыі. Напярэдадні было прынятае рашэнне аб зніжэнні з 16 мая стаўкі рэфінансавання да 34% гадавых. «У нас сёння ўсе ўмовы для гэтага ёсць. Інфляцыя дазваляе, і стаўка рэфінансавання будзе знаходзіцца ў адносінах да яе на станоўчым узроўні менавіта па стандартах, той форме разлікаў, якая рэкамендаваная МВФ», - сказала Надзея Ермакова.

Апошнія навіны