Лукашэнка і Назарбаеў вырашылі сябраваць супраць Расеі
- 14.05.2012, 16:40
Такі вынік візіту прэзідэнта Казахстана ў Беларусь.
Беларусь і Казахстан разглядаюць праект стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза выключна з пункту гледжання «зялёнага» калідора праз тэрыторыю Расеі як з Захаду на Усход, так і з Усходу на Захад. І калі для Казахстана - гэта вольны выхад на еўрапейскія рынкі, то для Беларусі - на азіяцкія, пры гэтым абедзве краіны хочуць атрымаць навар ад транзітных плыняў, піша АФН.
«Сёння важна эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці Адзінай эканамічнай прасторы, а ў перспектыве - і Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта дасць магчымасць вывесці нашыя адносіны на больш высокую, якасна новую прыступку. ...Свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў дасць магчымасць максімальна задзейнічаць патэнцыялы як Беларусі, так і Казахстана», - заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на перамовах з прэзідэнтам Казахстана.
У сваю чаргу Назарбаеў дадаў канкрэтыкі ў словы свайго візаві.
«Мы ў дэкларацыях напісалі, што да 2013 годзе Расея падыдзе да магчымасці вырашэння пытання аб чыгуначных тарыфах, а да 2015 года завершыць працу па манапалістах: па газаправодным, трубаправодным транспарце. І мы тады падыдзем да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза», - растлумачыў прэзідэнт Казахстана.
«Разглядаючы вашую краіну ў якасці апорнай пляцоўкі для ўмацавання эканамічнай прысутнасці ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне, Беларусь гатовая стаць для Казахстана «заходняй брамай» на шляху ў Еўропу», - паабяцаў, а дакладней завабіў Лукашэнка.
Назарбаеў казаў аб неабходнасці стварэння транспартнага калідора «Заходняя Еўропа - Заходні Кітай».
«Мы можам напалову скараціць час і шлях транспартавання тавараў з Еўропы ў Кітай, і наадварот», - згаджаўся з ім Лукашэнка, па словах якога гэтая тэма будзе паднятая ўжо заўтра, 15 мая, на сустрэчы з прэзідэнтам РФ У.Пуціным.
Бесперашкодны транзіт праз Расею, якога чакаюць і Казахстан і Беларусь, па-за ўсялякімі сумневамі прыкметна ўзмоцніць інвестыцыйную прывабнасць асобных сектараў беларускай эканомікі.
«Разлічваем, што новыя ўмовы дазволяць значна актывізаваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Спадзяемся, што казахстанскі капітал будзе ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі ў нашай краіне», - зусім не выпадкова Лукашэнка зноў заклікаў сёння ў краіну казахстанскіх інвестараў.
«Мы маем намер сур'ёзна вывучыць і ў далейшым прыняць удзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць для нас цікавасць», - не хаваў Назарбаеў будучае павышэнне цікавасці да беларускай дзяржуласнасці напярэдадні рэалізацыі «новых умоваў» у 2015 годзе («завяршэнне працы» па расейскіх транспартных манапалістах.
Карацей, двухдзённая нефармальная размова ў Віскулях (Белавежская пушча) атрымалася: Лукашэнка і Назарбаеў змаглі састыкаваць свае адначасова розныя і падобныя інтарэсы і ўмацаваць сяброўства супраць Расеі.